Taal

Nichoha nyastrashnaha | Нічога нястрашнага

Prylutski, Syarhey | Прылуцкі, Сяргей
Hochroth Minsk, 50 blz., paperback, 2024, ISBN 9783949850455

In het Belarussisch

Ілюстрацыя: Кацярына Пікірэня

"“Засьпявай мне, тата, калыханку…”

Нічога нястрашнага (2024) – адна з самых шчырых, пранізьлівых і балючых кніг у нашай сучаснай паэзіі. І, мабыць, самы шчыры й пранізьлівы зборнік Сяргея Прылуцкага, украінскага грамадзяніна і беларускага паэта.
Вельмі балючая кніга, ад якой валасы могуць устаць дыба, – Эўрыдыка не азіраецца (2021) – у аўтара ўжо была, але там беларуская трагедыя здушанага паўстаньня і зьверскіх рэпрэсіяў перажываецца з кіеўскай пэрспэктывы жыхара Бучы. Цяпер жа сама Буча зрабілася эпіцэнтрам болю – і катастрафічны разлом прайшоў праз уласны дом (даслоўна!), у які прыйшлі акупанты; праз жонку і сына, якія мусілі зьехаць у выгнаньне; праз сэрца паэта, які мусіў застацца.
І чытачы маюць амаль постапакаліптычны “рэпартаж зь месца падзеяў”, амаль без заўсёднай у аўтара абарончай іранічнай дыстанцыі. Звыклы сусьвет рухнуў і лірычнаму герою застаецца ўсё меней псіхалагічных падпорак. Танчыць з курткай, якая ўсё яшчэ захоўвае пах тваёй каханай жанчыны? Апавядаць у лісьце далёкаму сыну, як у цябе на вачах, замест яго самога, растуць і сталеюць ягоныя дзіцячыя цацкі? Такія вось “фантомныя радасьці”.
Так, першая і вельмі значная частка зборніка – ліставаньне з сынам Адамам. Яшчэ адна моцная эпісталярная кніга беларускай паэзіі. Мабыць, ёсьць у гэтым агульны знак нашай беспрытульнасьці й раскіданасьці па зьнешніх ды ўнутраных эміграцыях. Але ёсьць і тое аўтабіяграфічнае, чаго не магло быць у іншых паэтаў і паэтак.
Аўтар, як той вечна зьменлівы Пратэй, кожным новым томікам чуйна рэагуе на зрухі навакольнага сьвету, адначасова захоўваючы нязьменнай “сярэдзіну” свайго сьветаадчуваньня і “фішкі” паэтычнай тэхнікі. Да апошніх належаць цьвярозыя празаізмы, здольныя вярнуць на зямлю празьмерны некантраляваны патас. Так, лірычны герой стрымлівае сьлёзы і прапануе сыну “намаляваць сраку”, бо і ён таксама, на радасьць тату, расьце хуліганам.
Іншая ратавальная брытва, за якую можна схапіцца, тонучы, – дыялог з папярэднікамі і сучасьнікамі. Можна абмеркаваць настаўніка музыкі з усходу ды магілы ў паветры з Паўлем Цэланам. Падхапіць “Абарваную элегію” Актавія Паса, згадваючы “нашых мёртвых”. Або паразважаць пра будучы лёс сына як “сейбіта ці ваяра” з Алесем Разанавым.
Пакуль лірычны герой Сяргея Прылуцкага ў Бучы прыбіраецца ў сваёй кватэры, загаджанай расійскімі акупантамі, сам паэт спрабуе нанова абжываць, упарадкоўваць сьвет мовы, ачышчаючы яе ад сэнсаў і інтанацыяў, што таксама ператварыліся ў купы бруду з пачаткам гэтай вайны. Бо не сумняецца ў непазьбежнай перамозе. Бо не сумняецца і ў тым, што зло нікуды не падзенецца, маючы вялікі досьвед і кулю “для сёстраў вашых вітольдзе рамане / для сына твайго марыя”. Бо й нашым дзецям давядзецца прыбірацца ў беларускім і ўкраінскім “доме быцьця”. І мы, як той казаў, нясем адказнасьць за тых, каму пішам лісты."
- Андрэй Хадановіч

Сяргей Прылуцкі (нар. 1980 у Берасьці). Аўтар кніг прозы Йопыты двух маладых нелюдзяў (2009), Дэгенэратыўны слоўнік (2014) і паэтычных зборнікаў Дзевяностыя forever (2008), Герой эпохі стабільнасьці (2014), Патрыятызм для чайнікаў (2016), Далоў дарослых (2017), Эўрыдыка не азіра­ецца (2021), Гіброіды (падрыхтаваная да друку). Жыве ва Ўкраіне.

Op voorraad
€ 19,00
Zoekmachine aangedreven door ElasticSuite